"Мэталёвая" музыка ў перакладзе на родную мову

   Усё часцей i часцей сярод "мэталёвай" моладзi можна пачуць "DeadMarsh" - згубная твань, у перакладзе на родную мову. Вы толькi не пужайцеся, гэта не навуковы тэрмiн i не геаграфiчны пункт. Дык што ж гэта такое, i з чым яго ядуць??!

   Недзе ў 98-ым творчыя асобы, якiя дагетуль недзе блукалi ў пошуках адно аднаго, нарэшце сустрэлiся. Дзякуючы гэтаму спатканню i зьявiўся ў Беларусi новы metal-праект. Дык вось, пасьля неспакойных начэй i некалькiх месяцаў супольнай плённай працы ў 2000 (зьявiўся) гурт выпусцiў свой першы сынгаль "Bleeding Dirt", якi адразу ж зацiкавiў слухачоў. А ўжо праз год можна было пачуць i першы mini-альбом "Harmony Prevails", якi, нажаль не выйшаў у продаж шырокiм накладам. Але! Зьвярнуўшыся па адрасе: Менск, паштамт, 220050, а/с 373, вы пасьпеяце патрымаць яго ў руках.

   Стыль гурта вызначаецца як Heavy Power Doom Thrash Metal, тэксты ўражваюць сваёй глыбiнёй, а музыка насычанасцью i прафэсiяналiзмам. Варта ўзгадаць, што на прэстыжным фэстывалi "Рок-Кола" (Наваполацк) у 2001 DeadMarsh прызналi лепшым metal-гуртом, а бубнача i сола-гiтарыста - лепшымi выканаўцамi.

   Вялiкi фурор выклiкаў гурт сярод моладзi ў Вiлейцы. Народ быў настолькi ўраджаны творчасцю "згубнай тванi", што нават соўваў удзельнiкам свае пашпарты, каб тыя хоць крэмзанулi што-небудзь на памяць.

   Дарэчы, ня раз DeadMarsh гучаў I ў этэрырадыё "Мiр", куды iх зацягнуў файны спадар Бубiн. Раю калi-некалi ўключаць "Стыль-радыё", бо i там можна пачуць непаўторны "анёлскi" вакал.

   Зараз жа гурт сканчае працу над каверам адной зь песень знакамiтай Metallica, якi ўвойдзе ў чарговы зборнiк "БМА-group" "Hardcore-манiя: чаду!". Цiкава-цiкава, цi чулi вы Metallica на роднай беларускай мове?! Не-е-е! Тады ўперад на канцэрты 27-га красавiка ў парк-клюбе "Менск", а 8-га траўня - ў к/з "Менск". Убачымся!!!

         "Трыкутнiк" №3 красавiк 2002г.